Гісторыя

 

Праект нефармальнай адукацыі «Еўрапейскі каледж Liberal Arts ў Беларусі» (ECLAB) стартаваў у 2014 годзе і аб'яднаў гуманітарыяў і прадстаўнікоў/ц сацыяльных навук, тэарэтыкаў і практыкаў сучаснага мастацтва і тэатра, экспертаў/к і інтэлектуалаў/к. Ён стаў магчымым дзякуючы назапашанаму ў Беларусі і за яе межамі выкладчыцкаму і даследчаму вопыту большасці стваральнікаў/ц і ўдзельнікаў/ц праекта. Камандай ECLAB рухала жаданне стварыць альтэрнатыўную адукацыйную прастору, дзе можна было б разам са студэнтамі і студэнткамі абмяркоўваць сучасныя праблемы і тэксты, чытаць аўтарскія курсы, займацца праектнай і даследчай дзейнасцю.

У ECLAB ёсць перадгісторыя. З 2006 па 2014 год удзельнікі каманды выступалі ў якасці рэдактараў/к і аўтараў/к інтэрнэт-часопіса «Новая Еўропа», задача якога заключалася ў інтэлектуальнай еўрапеізацыі Беларусі. Тэматычнымі прыярытэтамі часопіса былі: праблемы еўрапейскай ідэнтычнасці і памяці ў Беларусі, погляд на беларускае грамадства скрозь прызму гендэрных даследаванняў, нарэшце, сацыяльна крытычнае мастацтва як праваднік дэмакратызацыі.

Анлайн-дзейнасць па гэтых і іншых напрамках дапаўнялася арганізацыяй публічных лекцый і дыскусій. Адзін з найбольш паспяховых праектаў – серыя круглых сталоў «Дыялог экспертных супольнасьцяў» (2008-2009), праведзеная ў супрацоўніцтве з часопісам ARCHE і сайтам экспертнай супольнасці Беларусі «Наша думка».

У 2011 года каманда запусціла праект «Еўрапейскае кафэ: адкрытыя лекцыі і дыскусіі», дзякуючы якому ў лакальнай беларускай публікі з'явілася магчымасць абмяркоўваць праблемы міжнароднай палітыкі, гістарычнай памяці, мас-медыя, адукацыі, гендэра і сацыяльна крытычнага мастацтва разам з прызнанымі эксперт(к)амі з краін ЕС, Расіі, Украіны і ЗША.

Таксама ў партнёрстве з фатограф(к)амі і маста(ч)камі каманда ажыццявіла два выставачна-дыскусійных праекта: «Піянерская вытрымка» (галерэя «Ў», 2013 года) і «Радыус нуля. Анталогія арт-нулявых», у тым ліку даследаванне сучаснага беларускага мастацтва першага дзесяцігоддзя ХХІ стагоддзя, выставу ў прасторы завода «Гарызонт» і публікацыю калектыўнай манаграфіі на рускай і англійскай мовах. Прэзентацыя кнігі адбылася ў Мінску, Кіеве, Вільні і Берліне.

У студзені 2014 года пры падтрымцы Інстытута ім. Гётэ мы правялі ў Мінску Міжнародны тыдзень Ханны Арэнт. Аб навуковай дзейнасці нашай каманды, якая ажыццяўляецца на базе Цэнтра еўрапейскіх даследаванняў, можна меркаваць па шэрагу даследаванняў і выданняў, сярод якіх: калектыўная манаграфія «Шляхі еўрапеізацыі Беларусі: паміж палітыкай і канструяваннем ідэнтычнасці (1991-2010)», слоўнік-даведнік «Гласарый тэрмінаў ЕС і Усходняга партнёрства », перавод двух кніг чэшскага філосафа Яна Патачкі. Таксама ў 2011 годзе ў Мінску была праведзена міжнародная канферэнцыя «Ян Патачка і ідэя Еўропы», арганізаваная сумесна з «Беларускай філософскай прасторай». У партнёрстве з Iнстытутам «Палітычная сфера» на працягу некалькіх гадоў Цэнтрам еўрапейскіх даследаванняў ажыццяўляўся праект рэцэнзавання беларускіх навуковых выданняў «Кніжны сімптом».

Мадэль Liberal Arts, згодна з якой працуе ECLAB, дазволіла ўдала аб'яднаць вопыт нашай каманды у сферы даследаванняў, сучаснага мастацтва, інтэлектуальнай журналістыкі і выкладання.