Крытычная урбаністыка

кіраўнік канцэнтрацыі,
кандыдат гістарычных навук

Мы жывем у эпоху урбанізацыі. Калі ў 1900 годзе ў гарадах пражывала 13% насельніцтва планеты, у 2000 годзе — амаль 47%, а сёння — ужо 55%. Паводле прагнозу ААН да 2050 года гараджане складуць 68% сусветнага насельніцтва. Ці значыць гэта, што хутка ўсе будуць жыць у гарадах?

Сучасны горад — вельмі складаная сістэма. Як пісаў аўтар канцэпцыі ўсеагульнага правы на горад, французскі сацыёлаг Анры Лефевр, гэта месца адрозненняў, гэта праца і тварэнне, у якім прымалі і прымаюць удзел усе яго жыхары. Развіццё гарадоў часта вызначаецца кропкамі ўплыву, якія ўтвараюцца ў нечаканых месцах і аказваюцца крыніцай сіл, здольных змяніць баланс у сістэме. Па словах амерыканскага інжынера Джэя Форрэстэра, аўтара кнігі «Дынаміка развіцця горада», аддаленая рэакцыя на якое-небудзь адміністрацыйнае новаўвядзенне часта аказваецца прама процілеглай той, якую чакалі.
 
Як жа развіваецца гарадское асяроддзе? У якіх адносінах знаходзяцца горад, прырода, культура і сацыяльныя інстытуты? Якія асноўныя змены адбываюцца ў гарадах сёння? Як трансфармуецца гарадская прастора, распарадак і ўклад жыцця гараджан? Як праводзяцца даследаванні горада? Якімі канцэптамі аперуюць эксперты і актывісты ў даследаваннях, на практыцы, пры супрацоўніцтве з уладамі?

Каб знайсці адказы на гэтыя пытанні, студэнтам і студэнткам прапануецца праграма з 5 курсаў, якая ўключае як тэарэтычную, так і практычную часткі.

Тэарэтычная частка дасць магчымасць атрымаць веды пра горад як пра складаную сістэму узаемасувязяў, якая мае прасторавыя, эканамічныя, палітычныя, экалагічныя, культурныя, сацыяльныя і сацыяльна-псіхалагічныя аспекты. А таксама аб формах, функцыях і практыках развіцця гарадскіх прастораў і гарадскога планавання, аб розных тыпах даследаванняў гарадоў і гарадскіх супольнасцяў, аб фарматах партысіпатыўнай перабудовы гарадской прасторы.

У выніку студэнты і студэнткі навучацца бачыць актуальныя выклікі гарадскога развіцця, знаходзіць на іх розныя варыянты адказаў, а таксама выкарыстоўваць сучасныя падыходы да даследавання і пераўладкавання гарадскіх прастораў.

Практычная частка дасць студэнтам і студэнткам непасрэдны вопыт правядзення даследаванняў па пэўных аспектах гарадскога жыцця і перабудовы гарадской прасторы.

Праграма канцэнтрацыі распрацавана сумесна з Мінскай урбаністычнай платформай.

КУРСЫ