Галерэя сучаснага мастацтва «Ў»

Мiнск, пр-т Незалежнасцi, 37а.

Галерэя сучаснага мастацтва «Ў» – больш, чым галерэя. Гэта актыўная арт-пляцоўка, творчая супольнасць вакол сучаснага беларускага мастацтва, вядомая далёка за межамі Мінска. Галерэя «Ў» аб’ядноўвае выставачную прастору, дэмакратычны вінны бар «Ў», Краму дызайнерскіх рэчаў і Літаратурны дом ЛогвінаЎ. Кожная з частак, якія складаюць Галерэю «Ў», выконвае сваю асабістую функцыю ў дачыненні да сучаснай беларускай культуры: рэпрэзентацыі творчых прац беларускіх мастакоў і дызайнераў, падтрымкі маладых і ўжо вядомых аўтараў, прасоўвання сучаснай беларускай літаратуры і беларускай мовы.

Выставачная прастора Галерэі «Ў» – гэта пляцоўка для эксперыментаў, свабоды творчага выяўлення, камунікацыі паміж мастаком і гледачом. Галерэя «Ў» уважліва сочыць за найлепшымі арт-праектамі Усходняй і Заходняй Еўропы, каб спрыяць далучанасці сучаснага сусветнага мастацтва да беларускага.

Арганізацыя адукацыйных праграм, круглых сталоў, дыскусій, майстар-класаў, лекцый, семінараў, сустрэч з выбітнымі прадстаўнікамі сучаснай арт-крытыкі – прыярытэтны кірунак дзейнасці Галерэі «Ў». Усё гэта дапамагае стварыць актыўную камунікацыйную пляцоўку, прызначаную для ўзаемадзеяння гледачоў, мастакоў, куратараў, арт-менеджараў, крытыкаў і даследчыкаў. Мы ўпэўнены, што гэта робіць вялікі ўнёсак у развіццё інстытута беларускай арт-крытыкі, традыцыі мастацкай аналітычнай працы, станаўленне культурнай палітыкі Беларусі. Галерэя «Ў» ёсць прасторай медыяцыі паміж прадстаўнікамі незалежнага арт-кола, бізнесу, сектара НДА і грамадскай супольнасці.

Галерэя робіць усё магчымае, каб сучаснае беларускае мастацтва, праекты ды персаналіі арт-супольнасці Беларусі не толькі нязменна прысутнічалі ў беларускай публічнай прасторы, але станавіліся больш адметнымі ў агульнаеўрапейскім мастацкім кантэксце. Галерэя «Ў» падтрымлівае міждысцыплінарныя даследчыя праекты ў супрацоўніцтве з прафесійнай экспертнай супольнасцю Беларусі ў такіх навуковых кірунках, як візуальна-культурніцкія і крытычныя ўрбаністычныя даследаванні, філасофія, сацыялогія, гендарныя праблемы, сучасная гісторыя і грамадскасць.