Падаць заяўку на праграму.

Сусветная супольнасць, вядучыя ўніверсітэты свету выкарыстоўваюць тэрмін «глабальная грамадзянскасць» пры правядзенні даследаванняў, а таксама ў адукацыйных праграмах з мэтай падрыхтоўкі студэнтаў і студэнтак да сучасных выклікаў чалавецтва. Такая падрыхтоўка з'яўляецца неабходнай для сумеснага жыцця ва ўзаемазалежным свеце.

Наша краіна таксама ўключаная ў глабальныя працэсы, якія адбываюцца ў сферы эканомікі, правоў чалавека, міграцыі, адукацыі, экалогіі, сучаснага мастацтва, у інфармацыйнай прасторы. У прыватнасці, гаворка ідзе аб міжнародным гандлі, працоўных мігрантах, бежанцах, гендэрнай роўнасці / дыскрымінацыі, Балонскім працэсе, зялёнай і ядзернай энергіі, сусветным арт-рынку, лічбавых тэхналогіях, сацыяльных сетках, электронным урадзе.

Усе гэтыя моманты латэнтна (часам драматычна) уплываюць на беларускае грамадства, адкрываюць нябачныя працэсы яго пераўтварэння ці нават ламаюць.

Канцэпцыя глабальнай грамадзянскасці ў першую чаргу звязаная з прасоўваннем ідэй гуманізму і правоў чалавека як вышэйшай каштоўнасці ў сучасным рознабаковым грамадстве.

Удзельнікі і ўдзельніцы праграмы «Global Citizenship Program In Belarus» даведаюцца, якім чынам міжнароднае права ўплывае на сацыяльныя працэсы, якія праходзяць унутры краіны, якім чынам можна і трэба абараняць правы жанчын і што такое «фемінізм», навучацца разумець эканамічныя і фінансавыя асаблівасці сусветнай эканомікі, разам з выкладчыкамі і выкладчыцами прааналізуюць карысць і шкоду ўплыву сацыяльных тэхналогій на беларускае грамадства, убачаць, як у праектах злучаюцца культурныя практыкі і бізнес-падыходы, які эфект мастацтва і культура аказваюць на наша жыццё, распачнуць спробу знайсці агульнае вызначэнне дэмакратыі і свабоды ў свеце.

Праграма «Global Citizenship Program In Belarus»:

  • мае дзве формы навучання: вочная (вячэрняя) і дыстанцыйная (уключае тры трохдзённыя сесіі ў Мінску);
  • уключае ў сябе шэсць адукацыйных курсаў (кожны складаецца з 10 пар) і дзве публічныя лекцыі;
  • прадугледжвае актыўную камунікацыю з выкладчыкамі і выкладчыцы на працягу ўсяго працэсу навучання, уключаючы індывідуальнае абмеркаванне ўсіх прамежкавых і выніковых заданняў;
  • прадугледжвае распрацоўку студэнтамі і студэнткамі праектных ініцыятыў, прадстаўленне іх на Конкурсе праектных ініцыятыў і рэалізацыю;
  • прадугледжвае атрыманне сертыфіката пры паспяховым заканчэнні навучання.

Паспяховае завяршэнне праграмы прадугледжвае праходжанне мінімум пяці курсаў і распрацоўку праектнай ініцыятывы, а пры дыстанцыйным навучанні таксама ўдзел у трох вочных сесіях.

Перыяд навучання:

Вочная форма: 5 сакавіка — 28 кастрычніка 2018 года (заняткі 2 разы на тыдзень у буднія дні з 18.30 да 21.20)
Дыстанцыйная форма: 16 сакавіка — 28 кастрычнiка 2018 года (занятасць 3-4 гадзіны на тыдзень, вочныя сесіі ў Мінску 16 — 18 сакавіка, 4 — 6 траўня, 26 — 28 кастрычнiка)
Вакацыі: 1 ліпеня — 19 жніўня.

Праграма складаецца з двух блокаў:

адукацыйны блок (5/16 сакавіка — 20 чэрвеня)
праектны блок (21 чэрвеня — 28 кастрычніка).
Падчас другога блока студэнты і студэнткі змогуць распрацаваць праектныя ініцыятывы пры падтрымцы цьютараў, прадставіць іх на Конкурсе праектных ініцыятыў і рэалізаваць. Па выніках Конкурсу для рэалізацыі некаторых праектных ініцыятыў будзе прадастаўлена фінансаванне.

Дэдлайн падачы заявак на навучанне 27 лютага 2018 года. Пры адборы заявак асаблівая ўвага надаецца матываванасці і гатоўнасці распрацоўваць праектную ініцыятыву.

Заяўкі на дыстанцыйнае навучанне прымаюцца ад абітурыентаў і абітурыентак, якія пражываюць не ў Мінску.

Навучанне бясплатнае.

Арганізацыйны ўнёсак для студэнтаў і студэнтак вочнай формы навучання — 75 BYN.

Расходы на праезд аплачваюцца студэнтамі і студэнткамі дыстанцыйнай формы навучання самастойна. Арганізатары праграмы пакрываюць выдаткі на пражыванне (2 ночы) і харчаванне (абеды) студэнтаў і студэнтак дыстанцыйнай формы навучання падчас вочных сесій у Мінску.

email: global.eclab@gmail.com

Праграма «Глабальная грамадзянскасць» рэалізуецца ECLAB пры садзеянні Міжнароднай некамерцыйнай арганізацыі Pact і падтрымцы Агенцтва ЗША па мажнароднаму развіццю (USAID).