На працягу доўгага часу існавала меркаванне, што біялагічная прырода чалавека прадвызначае ўсё яго наступнае жыццё. Гендар як катэгорыя аналізу крытычна пераасэнсоўвае гэтую ідэю, бо згодна з ёй, існуе таксама сацыяльнае канструяванне полу. Менавіта гендарныя нормы вызначаюць, якія значэнні і правілы паводзін замацоўваюцца за мужчынамі і жанчынамі ў розных грамадствах.

Канструяванне ўяўленняў аб «правільных» (нарматыўных) гендарах не адбываецца выключна на ўзроўні асобных індывідаў ці сем'яў. У грамадстве любога тыпу фарміруецца непарыўная сувязь паміж гендарнымі ўяўленнямі і сацыяльнымі, культурнымі і палітычнымі працэсамі.

Дзе пачынаецца гендар і як ён уваходзіць у наша жыццё? З якіх пазіцый яго можна аналізаваць? Ці можа чалавек выйсці за межы свайго гендара? Ці ўплывае пол на поспех у мастацтве? Ці патрэбна дзяржаве гендарная палітыка і ў чым могуць заключацца яе недахопы? І як доўга нам чакаць сапраўднага раўнапраўя палоў і прызнання ўсіх сэксуальнасцяў?

Гендарны модуль уключае ў сябе адукацыйныя курсы, публічныя лекцыі для шырокай аўдыторыі і практычныя воркшопы. Яго ўдзельнікі і ўдзельніцы даведаюцца, якія змены адбыліся ў палітыцы, мастацтве, уяўленнях пра сэксуальнасць у сувязі з трансфармацыяй гендарных адносін у XX-XXI стагоддзях. Практычныя воркшопы пазнаёмяць з арганізацыямі і ініцыятывамі, якія працуюць з гендарнымі тэмамі ў Беларусі.

Праходжанне ўсіх курсаў модуля дазволіць студэнтам і студэнткам вывучыць асновы гендарнай тэорыі і навучыцца аналізаваць сучасную беларускую рэчаіснасць з пункту гледжання гендарнага падыходу.

Ключавыя словы: сэксуальнасць, норма, гендар, палітыка, дыскрымінацыя, квір, цялеснасць, візуальнасць, улада, эмансіпацыя, інтэрсекцыянальнасць.

Гендарны модуль дазваляе выбраць адну з дзвюх формаў навучання: у якасці слухач_кі курсаў і ў якасці студэнт_кі.

Фармат «слухач_ка»: наведванне лекцый і воркшопаў без праверкі выніковых заданняў выкладчыцамі і выкладчыкамі модуля і выстаўлення адзнак за працы. Таксама слухач_кі не атрымліваюць сертыфікат па заканчэнні навучання. Навучанне бясплатнае.

Фармат «студэнт_ка»: Наведванне лекцый і воркшопаў і актыўная камунікацыя з выкладчыкамі і выкладчыцамі модуля на працягу ўсяго навучання, індывідуальнае абмеркаванне ўсіх прамежкавых і выніковых заданняў. Пры ўмове праходжання 4 курсаў модуля і атрымання па іх станоўчых адзнак студэнты і студэнткі пры жаданні атрымліваюць сертыфікат. Кошт атрымання сертыфіката: 95 BYN.

Для студэнтаў і студэнтак іншых канцэнтрацый ECLAB, а таксама для нашых выпускніц і выпускнікоў навучанне на гендарным модулі бясплатнае.

Для студэнтаў і студэнтак вочных аддзяленняў беларускіх ВНУ – зніжка 30%.