Уводны курс: развіваем soft skills, знаёмімся з асноўнымі паняццямі канцэнтрацый ECLAB, вучымся праектнай дзейнасці.

У новым навучальным годзе мы прапануем абноўлены фармат уводнага курса. Ён распрацаваны для таго, каб пазнаёміць студэнтак і студэнтаў з асноўнымі паняццямі і пытаннямі, якія вывучаюцца ў ECLAB, а таксама даць першы штуршок для развіцця такіх важных сёння навыкаў, як эфектыўнае чытанне, крэатыўнае пісьмо і плённая дыскусія. На працягу трох тыдняў студэнткі і студэнты пройдуць прысвечаны ім уводны інтэнсіў, а таксама атрымаюць тэарэтычную базу для далейшага навучання і асвояць асноўныя прынцыпы праектнай дзейнасці. Мэтай уводнага курса таксама з'яўляецца інтэграцыя новых студэнтак і студэнтаў у супольнасць ECLAB.

Па заканчэнні ўводнага курса адбудзецца нефармальная імпрэза з прэзентацыяй ідэй уласных праектаў. (Глядзіце фотасправаздачу з ECLAB Thinking and Drinking Party 2018).

Структура ўводнага курса:

1. Увядзенне ў асноўныя прадметныя вобласці. У рамках гэтага блока кожны(ая) кіраўнік(ніца) канцэнтрацый ECLAB правядзе адзін занятак, на якім раскажа пра асноўныя тэмы, паняцці і праблемы, якія важна ведаць сучаснаму чалавеку. Гэтыя веды дапамогуць выбраць канцэнтрацыю, пашырыць кругагляд і сістэматызаваць свае веды. Структура ўводнага курса:

Увядзенне ўключае наступныя інтэрактыўныя лекцыі:

  1. Этыка і палітыка. Выкладчыца — кіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае грамадства, этыка і палітыка» Вольга Шпарага
  2. Публічная гісторыя. Выкладчык — кіраўнік канцэнтрацыі «Публічная гісторыя» Аляксей Братачкін
  3. Гендарныя даследаванні. Выкладчыца — кіраўніца канцэнтрацыі «Гендарныя даследаванні» Алена Агарэлышава
  4. Масавая культура. Выкладчыца — кіраўніца канцэнтрацыі «Масавая культура і медыя» Вольга Раманава
  5. Сучаснае мастацтва. Выкладчыца — сакіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» Аксана Жгіроўская
  6. Сучасны тэатр. Выкладчыца — сакіраўніца канцэнтрацыі «Сучаснае мастацтва і тэатр» Таня Арцімовіч
  7. Уводзіны ў крытычную урбаністыку. Выкладчыца — кіраўніца канцэнтрацыі «Крытычная урбаністыка» Марына Саколова

2. Развіццё soft skills

Эфектыўнае чытанне

Ці бывала ў вас адчуванне, што, чытаючы навуковы артыкул ці падзел падручніка, вы не маглі зразумець, што хацеў сказаць аўтар і навошта наогул вам гэта чытаць? Ці заўсёды вам проста пераказаць асноўныя тэзісы прачытанага тэксту? Ці ўзнікала пры абмеркаванні прачытанага сітуацыя, калі здавалася, што вы і вашы калегі чыталі розныя тэксты?

Гэты ўводны курс дапаможа навучэнцам зрабіць свае чытацкія практыкі эфектыўнымі. Вы навучыцеся вылучаць у тэкстах галоўнае і сістэматызаваць ключавыя думкі аўтара або аўтаркі, складаць кагнітыўную карту тэксту, якая дазваляе трымаць у розуме яго агульную структуру, асэнсоўваць мэты і абставіны яго напісання, а таксама пазіцыю, якую займаў аўтар або аўтарка, — гэта значыць чытаць крытычна, кантэкстуальна і максімальна рэфлексіўна.

Такое чытанне з'яўляецца першым крокам для далейшай інтэлектуальнай працы — крытыкі, дыскусіі, рэдагавання і стварэння новых тэкстаў.

Вядучыя блока — Аляксей Братачкін, Таццяна Арцімовіч.

2. Крэатыўнае пісьмо

Пісьмо нават у сферы навукі або бізнесу глыбока звязана з творчасцю і не можа быць зведзена да механічнай рэпрадукцыі тых ці іншых правілаў. Пісаць — значыць думаць у пісьмовай форме, выказваючы сваю суб'ектыўнасць.

Здольнасць напісаць выразны і лагічны тэкст запатрабавана сёння ў самых розных сферах. Запіс у блогу ці бізнэс-перапіска, навуковы артыкул ці крытычная нататка пра фільм — усё гэта патрабуе здольнасці сістэматызаваць свае думкі, вылучаць галоўнае і другараднае, знаходзіць выразныя сродкі, адпаведныя мэце і жанру тэксту.

Чым адрозніваюцца акадэмічны і публіцыстычны стылі пісьма і якія існуюць стратэгіі стварэння тэкстаў розных жанраў? Што такое даследчыя пытанні і навошта яны патрэбныя пры стварэнні аналітычнага тэксту? Як пазбавіцца ад штампаў, стэрэатыпаў і ўнутраных блокаў і пераадолець страх «чыстага ліста»?

Гэтая частка ўводнага курса будзе ўключаць тэорыю, практыку і арт-трэнінгі.

Вядучыя блока — Лідзія Міхеева і Вольга Раманава.

Прадуктыўная дыскусія

Дыскусія — гэта найважнейшая форма сумеснай працы, якая дазваляе знайсці найбольш дакладнае рашэнне той ці іншай праблемы. Але бывае і так, што дыскусія ператвараецца ў спрэчку, і ўзнікае адчуванне нязгоды, раз'яднанасці і напружання.

Як зрабіць так, каб удзельніцы і ўдзельнікі дыскусіі маглі і выказваць сваё меркаванне, і чуць і разумець думкі апанентаў і апанентак? Як вызваліцца ад страху задаць «няправільнае пытанне»? Якім чынам будаваць аргументацыю? Як стварыць атмасферу прыняцця, якая дазваляе людзям дзяліцца сваімі ідэямі і каштоўнасцямі? Як перайсці ад крытыкі іншых меркаванняў да кампрамісу? І ці можа нязгода апанентак і апанентаў стаць пазітыўным зыходам дыскусіі?

Гэтыя і іншыя аспекты ўдзелу ў прадукцыйнай дыскусіі будуць прапрацаваны на практыцы. Гэты курс дапаможа студэнткам і студэнтам атрымаць пазітыўны вопыт адстойвання сваёй думкі і карэктнага дыскутавання, неабходны як у навуковых, грамадскіх або бізнес-спрэчках, так і ў паўсядзённым жыцці.

Вядучыя блока — Вольга Шпарага і Алена Агарэлышава.

3. Увядзенне ў праектную дзейнасць.

Два завяршальных заняткі ўводнага курса будуць прысвечаны праектнай дзейнасці. На адным з іх студэнткі і студэнты пазнаёмяцца з паняццем праекта і даведаюцца аб асноўных этапах працы над ім. 

На другім занятку студэнткі і студэнты папрацуюць у групах над генераваннем ідэй для ўласных праектаў і абмяркуюць іх з вопытнымі выкладчыкамі і выкладчыцамі.