Публічная гісторыя

кіраўнік канцэнтрацыі,
дактарант, гісторык

Публічная гісторыя – гэта адносна новая вобласць ведаў, у межах якой мы паспрабуем зразумець, як гісторыя можа функцыянаваць за межамі акадэмічных інстытуцый. Вялікая ўвага будзе надавацца рэпрэзентацыям гісторыі ў публічнай сферы, то бок у масавай культуры і медыя, мастацтве, кіно, літаратуры, музеях і гэтак далей.

Для Беларусі ўяўленні пра тое, што такое гісторыя, часта будуюцца на ідэі яе «аб'ектыўнасці», якія абапіраюцца на існую інтэлектуальную традыцыю. Але сёння мы мусім не толькі перагледзець гэтыя ўяўленні, але і пазбегчы іншай крайнасці – ідэі пра тое, што мы заўсёды сутыкаемся толькі з адвольным трактаваннем мінулага. Акрамя таго, нам часта не стае ведаў для крытычнага падыходу да той гістарычнай фармацыі, з якой мы сутыкаемся амаль штодня.

Знаёмства з курсамі ў межах канцэнтрацыі «Публічная гісторыя» дапаможа не толькі атрымаць сучасныя ўяўленні пра тое, што такое гістарычныя веды, але і разабрацца, як гістарычныя веды функцыянуюць у сённяшняй Беларусі, як яны выкарыстоўваюцца ў інтарэсах розных індывідуальных актараў і калектыўных сацыяльных суб'ектаў, а таксама знайсці падставы беларускіх спрэчак пра гісторыю.

У межах канцэнтрацыі навучанне будзе будавацца на аснове чатырох метадаў прыкладной гісторыі (з іх поўным апісаннем можна пазнаёміцца ў калектыўным артыкуле Ф. Акермана, А. Літке ды інш. «Прикладная история, или Публичное измерение прошлого»), якія прадугледжваюць наступныя ўменні:

1) Ствараць магчымасці для суб'ектаў. Развіццё навыкаў у абыходжанні з мінулым абапіраецца, па сутнасці, на ўласнае перажыванне, якое трэба крытычна асэнсаваць. Гэта можа ажыццяўляцца, напрыклад, у фармаце размовы са сведкамі гістарычных падзей. У цэнтры ўвагі пры апытанні сведак тых ці іншых гістарычных падзей стаіць не інтарэс да рэканструкцыі саміх падзей і іх храналогіі, а жаданне зразумець іх як суб'ектыўна інтэрпрэтаваную гісторыю.

2) Чытаць прастору. Апытваць можна не толькі людзей, але і культурныя ландшафты і гарады, што разумеюцца як тэксты, прыдатныя для дэшыфравання гістарычных наратываў. Культурныя ландшафты і прасторы гарадоў ствараюць непасрэднае і аўтэнтычнае стаўленне да сучаснасці, адлюстроўваючы, апроч таго, выпрацаваныя раней гістарычныя веды ў пэўным горадзе або мясцовасці. Сутыкненне з канкурэнтнымі інтэрпрэтацыямі дазваляе дасягнуць дыферэнцыяванага разумення «гістарычнай рэчаіснасці».

3) Ставіць пад сумнеў гістарычныя рэпрэзентацыі. Штуршок для дэшыфравання можа давацца дзякуючы ўсведамленню медыяльнай формы перадачы гістарычных наратываў (якія можна знайсці, напрыклад, у музеях, «месцах памяці» або дакументальных фільмах).

4) Змяняць перспектывы. У транснацыянальных кантэкстах асаблівае значэнне набывае ўважліва адрэфлексаваны зварот да гісторыі. Асноватворным для яго ёсць разуменне рознага ўспрымання мінулага, характэрнага для культураў памяці розных супольнасцяў. У якасці прыклада можна прывесці памежныя рэгіёны Еўропы, складанае і канфліктнае мінулае якіх спарадзіла мноства наслоеных, узаемапранікальных і паралельных традыцый памяці і нярэдка супрацьлеглых нацыянальных гістярыяграфій.

КУРСЫ